Дэбютная кніга Алены Брава, якая прынесла аўтарцы вядомасць. У аснову аповесці “Каменданцкі час для ластавак” ляглі ўражанні ад жыцця на сацыялістычнай Кубе Фідэля Кастра. Чытача знаёмяць не толькі з экзатычнай краінай, але і з анатоміяй таталітарнага грамадства. Аповесць уганаравана літаратурнымі прэміямі “Гліняны Вялес” (Беларусь), «Silver Bullet» («Сярэбраная куля») выдавецтва «Franc-Tireur USA» (ЗША), перакладзена на рускую, польскую мовы. Твор дапоўнены новымі эпізодамі і адрэдагаваны аўтаркай. У аповесці “Імя Ценю — Святло”, апавяданнях пісьменніца абрала шлях у самыя глыбіні жаночай свядомасці і падсвядомасці, дзе творцу чакаюць сімвалы, архаічныя мадэлі-архетыпы. З глыбокім псіхалагізмам даследуецца прырода жанчыны, пытанні яе ўнутранай свабоды і творчасці. Крытыкі адзначалі незвычайную эмацыйную шчырасць гэтай прозы, пранікнёнасць і паэтычнасць стылю, што забяспечвае незабыўнасць уражання ад знаёмства з кнігай.