і мы пабеглі ў вежу, і цемра расступалася перад намі, як варта з жаночых твараў, як дарога з гарачых камянёў. Босая. Босая, сама сабе бес, босая дзеўка без цара ў галаве, вольная віціна, што карае таго, хто ёй трапіцца, бо той заўжды і ёсьць вінаваты.
Сустракаць цябе ў прыцемках, у калідорах вузкіх вуліц, на пешаходных пераходах, у пераходных пэрыядах ад канца сьвету да канца сьвету. Трымаць цябе за рукі ў сьцюдзёных аўтобусах пасярод безнадзейнасьці і галасоў ні пра што. У хрушчоўках, падобных да хмарачосаў, у гарадах, падобных да вакзалаў, між закладзеных старонак кніг, у старых апранахах, якія абвязваюць матузкамі мой лоб і сьціскаюць мяне да памераў слова.
Выклікаць цябе зь нябыту, наклікаць на сябе бяду.